ЛІБА́ВА-РО́МЕНСКАЯ ЧЫГУ́НКА,

назва ў 1877—1919 чыг. лініі, якая звязвала бел. губерні з партамі Балтыйскага м. і Украінай. Пабудавана акц. т-вам, у 1891 выкуплена казной. Працягласць 1275 вёрст. Скразны рух цягнікоў ад г. Лібавы да г. Рамны пачаўся 15.7.1874. На тэр. Беларусі перакрыжоўвалася з Маскоўска-Брэсцкай (у Мінску), Пецярбургска-Адэскай (у Жлобіне), Палескімі (у Гомелі) чыгункамі. Буйныя чыг. станцыі на Беларусі: Беразіно, Бабруйск, Гомель, Жлобін, Мінск, Маладзечна. Л.-Р.ч. разам з МаскоўскаБрэсцкай чыгункай, Рыга-Арлоўскай чыгункай і Палескімі чыгункамі садзейнічала развіццю прам-сці, гарадоў, рыначных адносін на Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізавана і падпарадкавана Наркамату шляхоў зносін. Гл. таксама Беларуская чыгунка.

У.Г.Філякоў.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)